Вадзяны млын у Акелах

Размяшчаецца на рацэ Караліноўка. Млын дзейнічаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя: ён пазначаны на карце 1865 года. Матэрыялаў пра дакладны час пабудовы, яго гаспадара і канструкцыйныя асаблівасці пакуль што не выяўлена. На польскай карце 1932 года на месцы акелаўскага млына паказаны мост і невялікі стаў.

На цяперашні час ад гэтай гідратэхнічнай сістэмы засталіся толькі асобныя элементы. Захаваліся дзве бетонныя сценкі былога шлюза, узгорак каля рэчышча, дзе раней, верагодна, стаяў будынак млына, а таксама парослае трыснягом балота – рэшткі былога става. На дне ракі сустракаецца шмат камянёў, асабліва многа іх вымыта ракой ніжэй па цячэнні. Частка былых канструкцый млына была, магчыма, скарыстана пры пабудове новага моста праз Караліноўку і пры падсыпцы палепшанай грунтовай дарогі. Каля ракі захаваліся рэшткі дамбы.