Млын у Дунілавічах быў уладкаваны на рацэ Заражанцы.
У магістарскай працы Б. Гаўрыльчыка “Dekanat Polocki w świetle opisów parafij z 1787 roku” маецца наступная інфармацыя: “Млын яснавяльможнага пана Янішэўскага на рацэ Смычыцы і Зарэжы ў саміх Дунілавічах. Мост на іх увогуле нікчэмны і недарэчны, дужа небяспечны”.
Па звестках з кнігі “Памяць. Пастаўскі раён” у 1866 годзе ў Дунілавічах дзейнічаў вадзяны млын з сукнавальняй. У 1920-я гады ў мястэчку працавалі лесапільны і цагельны заводы, млын, кузня, піларама.
Паводле інфармацыі мясцовага краязнаўца Ф. Хоміча, міжваенным часам “асвятляліся Дунілавічы электрычнасцю. Працавалі дзве электрастанцыі — гідра- і цеплавая”.
На падставе гэтых матэрыялаў можна зрабіць выснову, што гідратэхнічная сістэма на рацэ Заражанцы ў розныя часы ўключала млын, тартак, сукнавальню (валюшню) і электрычны генератар. Цяпер ад яе засталіся толькі падмуркі і некаторыя жалезабетонныя канструкцыі.