Вадзяны млын у Галбеі

Праз возера каля вёскі працякае рака Галбяіца, на якой у даўнія часы стаяў вадзяны млын.

У апісанні Дунілавіцкай парафіі 1784 года яе плябан ксёндз Е. Хладоўскі згадвае “млын Галбейскі пры возеры на рацэ Смычыцы і Зарэжы”.

З успамінаў мясцовых жыхароў, якія запісаў У. Арэх, вынікае, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў весцы Голбія існаваў млын, які знаходзіўся на віры каля маста праз раку Галбяіцу. “Некаторыя сталыя людзі сведчаць, што млын існаваў “пры Мікалаі” (верагодна, пры Мікалаі ІІ) (у прыватнасці, пра гэта паведамляў Мядзюха Фёдар), іншыя спасылаюцца на Тумаша (старэйшага жыхара вёскі Голбія, які перад Вялікай Айчыннай вайной меў больш за 90 гадоў), што ён не памятаў млына. Пра тое, што млын існаваў, сведчыць ланцужок паляў, якія можна было бачыць у рацэ яшчэ ў 2005 годзе. Аб іх разбіваліся крыгі лёду ў час крыгаходу. Рэшткі млына былі ўскрыты экскаватарам пры пабудове сучаснага моста праз раку Галбяіцу. Таксама паблізу млына існавала кузня. Пра гэта сведчыць тое, што мясцовыя жыхары называюць невялікі пагурак каля моста “кузенка”.

На цяперашні час прыкмет былога млына не засталося. Не паказаны ён і на польскіх картах міжваеннага часу.