Крыкалы – невялікае паселішча і парк.
Побач з былой сядзібай гаспадароў раскінуўся вялікі і таямнічы Крыкалаўскі парк. Ён быў спланаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя ў пейзажным стылі на схілах сямі ўзгоркаў, якія раздзяляюцца глыбокімі лагчынамі.
У паўночна-ўсходняй частцы парка знаходзіўся невялікі вадзяны млын са ставам. Ён размяшчаўся на ручаіне, якая бярэ пачатак з крыніц у глыбіні парка. На млынку малолі збожжа для ўласнай гаспадаркі. Зараз ад млына засталіся толькі рэшткі ў выглядзе камянёў і паляў счарнелага дрэва.
Месца былога млына ўключана ў маршрут экалагічнай сцежкі, якая пракладзена праз Крыкалаўскі парк.