Вадзяны млын у Манькавічах

Першыя згадкі пра млын у Манькавічах сустракаем у апісанні пастаўскай парафіі за 1784 год, якое пакінуў ксёндз Ян Антоні Шуле, пісар дэканату свірскага, плябан пастаўскі. З яго вынікае, што на той час, калі тутэйшым маёнткам валодалі Кельпшы, на рацэ Мядзелка ўжо меўся вадзяны млын і невялікі стаў. У канцы ХVІІІ стагоддзя гідратэхнічная сістэма, верагодна, была значна перароблена і набыла рысы, якія захаваліся да цяперашняга часу. Тады Манькавічамі валодаў Тадэвуш Жаба, які пачаў ствараць у гэтай мясцовасці сядзібна-паркавы ансамбль.

У гістарычных крыніцах згадваецца, што ў 1886 годзе ў мястэчку дзейнічаў вадзяны млын з сукнавальняй. За суткі перамолвалася да 12 бочак мукі. Перамол каштаваў па 60 капеек за бочку, а пытляванне – 2 рублі.

Млын знаходзіўся ў арэндзе ў яўрэяў, якія плацілі гаспадару, князю Друцкаму- Любецкаму, 1000 рублёў у год. Рамонт млына ажыццяўляўся за кошт арандатара, але з матэрыялаў уласніка. Для гаспадара збожжа малолі дарма.

У міжваенным часе, пры Польшчы, на млыне быў устаноўлены генератар, які працаваў на энергіі падаючай вады. Выпрацаваны ток ішоў на асвятленне млына і палаца.

У Другую сусветную вайну млын быў пашкоджаны і некаторы час не працаваў. Нанова яго запусцілі ў пачатку 50-х гадоў дзякуючы рупнасці Уладзіміра Вайцяхоўскага, і ён дзейнічаў да канца 80-х, праўда, збожжа малолі ўжо з дапамогай электрычнасці.

Зараз нa месцы млынa засталіся толькі падмурак ды некалькі металічных канструкцый.

Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталася дамба даўжынёй каля 180 метраў і два шлюзы: былой запруды (12 м) і млыновы (5 м даўжыні). Падмурак былога млына мае памеры 15 х 20 метраў.