Вадзяны млын у Нохаўшчыне (маёнтак Каралінова)

Ён быў збудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя па ініцыятыве тагачаснага ўласніка маёнтка Каралінова, вядомага мастака і медальера Альфрэда Ромэра, які ў 70-80-я гады праводзіў карэнную рэканструкцыю сядзібнага комплекса. Лагчына Караліноўкі была перагароджана плацінай, а на рэчышчы ўзведзены млын на два паставы. Працаваў ён толькі ў пару высокай вады – вясной і восенню. Пазней спецыяліст з вёскі Шкіралі Іван Урбан пракапаў ад падземных крыніц (а іх шмат выходзіць з-пад стромкіх берагоў лагчыны) раўчукі, надсыпаў дамбу і падоўжыў яе на суседнія сенажаці, у выніку чаго ўтварыўся ладны па памерах штучны вадаём, дзе круглы год мелася вада. Такая мадэрнізацыя дазволіла малоць збожжа ва ўсе поры года.

У даведніку “Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów sławianskich” т. VII (1886 г.) паведамляецца, што на той час у шляхецкім засценку Нохаўшчына знаходзіўся драўляны вадзяны млын.

Апісання знешнега выгляду млына і яго механізмаў выявіць пакуль што не ўдалося.

Два паставы, якія меліся на млыне, дазвалялі малоць збожжа на муку для выпечкі хлеба (больш грубы памол – разовы пастаў) і для выпечкі булак (больш тонкі памол – пытляваны пастаў).

Тагачасная планіроўка гэтай гідратэхнічнай сістэмы захавалася да цяперашняга часу.