Вадзяны млын у Пеляцэ

У выданні “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” другой паловы ХІХ стагоддзя пра паселішча падаецца наступная інфармацыя: “Пілека, вёска над ракой гэткай жа назвы, у павеце свянцянскім, у 1 акрузе ральнічай, у 17 вярстах ад Свянцянаў, мае 4 хаты, 57 жыхароў-католікаў, 5 мусульман, млын водны і фолюш (валюшня)”.

Па словах мясцовага жыхара Станіслава Альфонсавіча Цюкшы (1937 г.н.), млын на Пеляцэ пабудавў у 30-я гады ХХ стагоддзя Сельвестр Бялевіч, які прыехаў з-пад Свіра і выкупіў у Даўгалаў каля 30 гектараў зямлі. Хутчэй за ўсё ён правёў карэнную рэканструкцыю ранейшага млына: была насыпана вышэйшая дамба, узведзены мураваны шлюз і будынак, пакладзены трывалы мост, усталявана новае начынне.

На цяперашні час захавалася дамба даўжынёй каля 30 метраў, размыты шлюз з рэшткамі сцен і вымытымі валунамі, гнілыя пашкоджаныя драўляныя канструкцыі, іржавыя часткі механізмаў, жорнавы камень. Стаў спушчаны і паступова зарастае хмызняком.