Вадзяны млын у Паставах

Першыя згадкі пра млын на рацэ сягаюць у 30-я гады ХVІІ стагоддзя, калі Ян Юры Зяновіч узвёў будынак і паставіў на рэчышчы два вадзяныя колы.

Верагодна, першапачаткова млын выкарыстоўваўся для перамолу збожжа, аднак пазней, у 1728 годзе, Бенядыктам Тызенгаўзам на супрацьлеглым беразе у Зарэччы была пастаўлена паперня, якая працавала на энергіі падаючай вады.

У інвентары Пастаўскага графства за 1783 год паведамлялася, што млын узведзены з чэсанага дрэва, накрыты гонтай, меў два вадзяныя колы. У апісанні Пастаўскай парафіі за 1784 год, якое пакінуў пастаўскі плябан, пісар дэканату свірскага ксёндз Ян Антоні Шуле, згадваецца млын са ставам, мост і паперня:“Мост на той жа рацэ Мядзелцы ў месце Паставах пад млыном і паперняй… З левага боку таго мосту паперня і млын… Млыноў у пастаўскай парафіі пяць і адна паперня ў самім месце Паставах на два вялікія колы. Млын у тым жа месце на тры вялікія колы з пытлем і алейнай на рацэ Мядзелцы.”

Дата пабудовы мураванага млына дакладна не вызначана, але на падставе вядомых звестак можна лічыць, што ён быў узведзены прыблізна ў 30-50-я гады ХІХ стагоддзя, калі завяршалася будаўніцтва палаца Тызенгаўза. У 1866 г. вадзяны млын назваецца сярод найбольш адметных мураваных пабудоў Паставаў. Драўляны ж будынак млына, верагодна, згарэў пад час вялікага пажару ў 1815 годзе, калі у полымі агню была знішчана і Свята-Мікалаеўская царква. У канцы XIX ст. вадзяны млын меў тры паверхі і быў перабудаваны пад турбіны. На 3-м паверсе стаялі машыны для ачышчэння, лушчэння і шатравання зерня. На 2-м паверсе малолі зерне, тут знаходзіліся рэшата і паставы. На 1-м паверсе ажыццяўлялася прыёмка гатовай прадукцыі. Турбінны механізм знаходзіўся ў цокальным паверсе.

З 1994 па 1998 год праводзілася актыўная рэстаўрацыя млына. У 1998 годзе у адноўленым будынку адкрыўся Дом рамёстваў "Стары млын". У ім абсталявана чатыры залы для выстаў, шэсць пакояў для правядзення гуртковых заняткаў, метадычны кабінет, архівы.