Вадзяны млын у Пятроўшчыне

Млын з’яўляецца галоўным элементам унікальнай гідратэхнічнай сістэмы “Мядзелка- Варанец”.

Гаспадар млына каля Пятроўшчыны стварыў арыгінальную гідратэхнічную сістэму для таго, каб ён працаваў нават у засуху. Вясной, у час таяння снягоў, высокая вада з ракі Мядзелкі накіроўвалася па каналу (пратоцы) ў возера Варанец і круціла жорны. Летам, пры нізкім узроўні вады ў рацэ, вада ішла з возера і таксама круціла жорны.

Млын дзейнічаў “пры Польшчы” і ў пасляваенны час. Па словах жыхаркі в. Кабайлы Таразевіч Веры Фамінічны, млын згарэў і не аднаўляўся. Многія жыхары вакольных вёсак лічылі, што будынак спаліў чалавек з Чарнят, які на той час працаваў млынаром. Яму нібыта выдзелілі грошы на рамонт млына, а яны быццам бы згарэлі разам з будынкам. Адбылося гэта ўвечары, калі на пляцоўцы паміж азёрамі Варанец і Доўжа былі танцы, сабралася шмат моладзі. Пажар спісалі на вясковых маладзёнаў, але канкрэтна вінаватых так і не знайшлі.

Энергія вады выкарыстоўвалася для памолу збожжа і пытлявання, круп не рабілі. Пры млыне дзейнічаў тартак.

На сённяшні дзень ад былой гідратэхнічнай сістэмы застаўся падмурак млына і пратока, якую актыўна асвойваюць бабры.