Вадзяны млын у Раманішках

Паводле выдання “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” (1882 г.), на месцы вёскі быў двор Даўгялаў, які знаходзіўся каля става на рацэ Пеляка. Наяўнасць запруды ўскосна сведчыць, што на той час млын ужо дзейнічаў.

У кнізе М. Гіля “Былыя сядзібы і паркі Паазер’я: Пастаўшчына” падаецца інфармацыя пра тое, што “Уладзіслаў Ігнацы Даўгяла займаўся аматарскай археалогіяй, выкладчыцкай працай у Вільні. Гаспадарку вяла яго жонка Галена. Сядзіба была выдатна дагледжана, узорна пастаўлена фальваркавая гаспадарка. На землях яе ўладанняў было шмат забалочаных участкаў, праз якія працякае рака Пеляка. Назва Пеляка балцкага паходжання ад слова Pelkis {pelke} – тарфянік, балота, лужа. Забалочаныя землі пані прыстасавала для гаспадарчага выкарыстання, зрабіўшы дрэнаж, а на Пеляцэ ўзвяла вадзяны млын, які абслугоўваў не толькі патрэбы фальварка, а і мясцовых жыхароў, даючы прыбытак. Лішкі вады былі акумуліраваны ў сажалках і пры патрэбе выкарыстоўваліся для штучнага паліву агародаў і нават пашы. Зараз ад былой велічы Раманішак амаль нічога не засталося. З таго, што збераглося, гэта частка жылога дома, пара гаспадарчых пабудоў, капліца, рэшткі ўязной брамы, фрагменты парку, ды перад уездам у маёнтак – кляновыя прысады”.