Вадзяны млын у Старым Двары

У энцыклапедыі “Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów sławianskich” падаецца наступная інфармацыя: “Стары Двор, фальварак над двумя азёрамі, Вілейскага павету ў 3 акрузе земляробчай (ральнічай), гміна Лучай, акруга вясковая Стары Двор, за 86 вёрст ад Вілейкі, мае 38 жыхароў каталіцкага веравызнання, бровар, млын вадзяны і тартак; уласнасць Эдварда Мастоўскага”.

Паводле ўспамінаў З. Коласа, каля сучаснага чыгуначнага моста праз рэчку Шурыцу дзейнічаў бачкарны завод, дзе рабілі бочкі, у якія залівалі спірт, што вырабляўся на бровары. Зараз месца гэтага прадпрыемства можна вызначыць толькі па раскіданых кавалках якаснай цэглы з кляймамі. У гэтым жа месцы знаходзіўся таксама і тартак, або лесапілка.

На цяперашні час рэшткаў былога водзянога млына амаль не засталося. Часткова захаваліся фрагменты дамбы, па якой ідзе лінія электраперадачы, і бітая цэгла і камяні ў рэчышчы Шурыцы. Верагодна, муры млына былі выкарыстаны пры будаўніцтве насыпу чыгункі і моста праз раку.