Вадзяны млын у Сурвілішках

Сядзібны комплекс Чаховічаў займаў узвышаны левы бераг пратокі, якая злучае два возеры. Тут стаяў дыхтоўны дом, гаспадарчыя пабудовы, уладкаваны сядзібна-паркавы ансамбль. На пратоцы быў узведзены млын, знешні выгляд і канструкцыйныя асаблівасці пакуль што не выяўлены. Па рэштках былой дамбы праходзіць дарога і перакінуты сучасны мост. У рэчышчы яшчэ захаваліся два рады драўляных паляў запруды і некалькі слупоў. Пратока пад мостам загрувашчана валунамі, якія былі, верагодна, вымытыя з муроў былога млына.

За сорак метраў да млына ад пратокі ўлева адыходзіць канал, які злучаецца з возерам. Ён з’яўляецца арыгінальнай часткай былой гідратэхнічнай сістэмы. Як паведамілі мясцовыя жыхары, канал быў выкапаны для адводу вады ў час паводак, змяншаючы напор на дамбу і канструкцыі млына.