Вадзяны млын у Трабуцішках

Млын каля вёскі вядомы з сярэдзіны ХVIII стагоддзя. У магістарскай працы Адама Свідэрскага “Дэканат Свірскі ў 1784 годзе ў святле апісанняў плябанаў” падаецца інфармацыя пра тое, што ў Трыбуцішках (так у тэксце) ёсць млын з сукнавальняй (валюшняй) у сутоках рэк Лынтупкі і Олксны, які належыць яснавяльможнай пані Гільзеновай.

Сам млын стаяў за 500 метраў ніжэй сутокаў на поўдзень ад Трабуцішак, на ўсход ад сучаснага моста праз Лынтупку. Спыніў сваю дзейнасць, верагодна, у пачатку ХХ стагоддзя пасля пабудовы млына ў суседніх Томішках.

Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталося балота на месцы былога става, рэшткі дамбы, некалькі вялікіх камянёў каля рэчышча, даўняя драўляная балка, урослая ў маладое дрэўца.

Каля былога млына доўгі час дзейнічала карчма, ад якой цяпер засталіся толькі падмуркі. Міжваенным часам амаль побач з млыном прайшла вузкакалейка Лынтупы- Кабыльнік, участкі насыпаў ад якой яшчэ засталіся ў рэльефе.