Паводле інфармацыі, змешчанай ў кнізе “Памяць. Пастаўскі раён” (2002), “у 1860-я гады ў фальварку Варапаева, які здаваўся ў арэнду і ўваходзіў у маёнтак Паставы, працавалі цагельны завод, вадзяны млын з сукнавальняй і карчма (шынок)…У 1897 г. фальварак (6 двароў, 69 жыхароў, штучны вадаём, млын, сукнавальня, крама, карчма, смалярны завод), станцыя (18 жыхароў, 2 двары), хутар (2 двары, 11 жыхароў, штучны вадаём, вузкакалейка 1-га Таварыства пад'язных пуцей, млын і інш.). У канцы XIX ст. пабудаваны шкіпінарны завод, існаваў цагельны завод, працаваў вадзяны млын, пры якім мелася валяльнае аддзяленне, 3 1921 г. у Пастаўскім павеце Віленскага ваяводства Польшчы. Меліся лесапільны і цагельны заводы. Працавалі вадзяны, паравы і электрычны млыны, лесаэксплуатацыя.”
Млын стаіць на рацэ Заражанцы (Галбяіцы). Будынак млына зроблены з чырвонай цэглы, мае тры паверхі. Пабудаваны ў 1870 годзе, працаваў да 1942-га. Яго памеры 15 х 20 метраў. У канцы ХХ стагоддзя знаходзіўся ў паўразбураным стане. Рупнасцю новага ўласніка Л. І. Іваніна ў 1993 годзе адноўлены і цяпер з’яўляецца славутасцю Варапаева.
Перад млыном раней існаваў вялікі стаў плошчай каля 5 гектараў, які цяпер спушчаны. Вадасховішча ўтрымлівалася дамбай, якая мела агульную каля 100 метраў, з якіх 24 метры – рачны шлюз, 4 метры – шлюз падачы вады на млын.
Каля млына застаўся жорнавы камень, дыяметр якога складае 1,7 метра, а адтуліна ў ім – 0,3 метра. Таксама захаваліся некаторыя механізмы і прыстасаванні.
Створаная гідратэхнічная сістэма стала асноўным элементам сядзібна-паркавага ансамбля Пшаздзецкія, які быў створаны на левым беразе Заражанкаі. Яго апісанне падаецца ў кнізе М. Гіля “Былыя сядзібы і паркі Паазер’я: Пастаўшчына” (2004): “Схіл да яру аформлены ў выглядзе тэрасы з лінейнай пасадкай сасны звычайнай па грэбню. Уздоўж яра ідзе сцежка ў пойму ракі Заражанкі, да дамбы, якая служыць відавой пляцоўкай. Напрамак маршрута падкрэслены лінейнай аднараднай пасадкай клёна востралістага. Асноўным кампазіцыйным элементам паўднёвай часткі парка з’яўляецца вялікая паляна, якую зімой залівалі і выкарыстоўвалі ў якасці катка. Паляну аточвае прарэжаны дрэстой з экзатычнымі асіметрычнымі кронамі. Прагулачны маршрут праходзіў вакол паляны і ўздоўж схіла тэрасы. Адсюль з відавых пляцовак адкрываліся перспектывы на вялікі, плошчай каля 5 га, вадаём у пойме, млын і краявіды за ракой”.