Вадзяны млын у Юньках

Млын размяшчаўся ў вёсцы Юнькі на рацэ Лучайка.

У апісанні Пастаўскай парафіі за 1784 год, якіе пакінуў пастаўскі плябан, пісар дэканату свірскага ксёндз Ян Антоні Шуле, згадваецца млын са ставам у Юньках. Пры апісанні дарогі з Пастаў на Лучай, аўтар паведамляе, што шлях вядзе спачатку да юнькаўскай карчмы, а “ад той карчмы адразу проста на мост адзін і другі каля млына юнькаўскага проста на гару…”. З гэтай інфармацыі вынікае, што на дамбе, па якой ішла дарога, меўся мост са шлюзам для спуску вады са става і мост, пад якім вада ішла на млын, які знаходзіўся на правым беразе Лучайкі.

На картах ХІХ – ХХ стагоддзяў, якія былы прааналізаваны, ні млын, ні стаў не пазначаны.

Ад былой гідратэхнічнай сістэмы на сённяшні дзень засталася дамба, якая, магчыма была падвышана пазней пры будаўніцтве сучаснай дарогі, і забалочаны поплаў Лучайкі на месцы былога става.